Літаратурны музей Кузьмы Чорнага

Цімкавічы з’яўляюцца адным са стражытнейшых населеных пунктаў Капыльскага раёна, якія знаходзяцца ў 25 кіламетрах ад Нясвіжа, і маюць багацейшую гісторыю. Паводле прыгожай легенды назва Цімкавічы паходзіць ад імя Цімка — славутага асілка, які некалі жыў тут, дапамагаў бедным і слабым.

Упершыню Цімкавічы ўпамінаюцца ў 1499 годзе ў судовай грамаце, выдадзенай вялікім князем Аляксандрам князю Сямёну Міхайлавічу Алелькавічу. У розныя гады ўладальнікамі Цімкавіч былі Хадкевічы, Сапегі, Палубінскія, Радзівілы.

У Цімкавічах прайшло дзяцінства і юнацтва будучага пісьменніка. Тут ён скончыў двухкласнае вучылішча, працаваў у аддзеле народнай асветы і настаўнічаў.

Кузьма Чорны рос і гадаваўся сярод простых людзей фізічнай працы, для якіх кавалак хлеба і палатняная кашуля адна на год лічыліся вялікім шчасцем. З гэтымі людзьмі ён быў звязаны ўсім сваім жыццём і творчасцю. Пагэтаму беларускі народ помніць яго і ўшаноўвае аб ім памяць. Аб гэтым сведчыць музей, пабудаваны ў 1962 годзе настаўнікамі і вучнямі Цімкавіцкай сярэдняй школы, пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы, заслужанай настаўніцы школ БССР З. І. Раманенка. Спачатку быў ён школьным, а ў 1993 годзе яму нададзены статус дзяржаўнага і створана новая эскпазіцыя. Яна размешчана ў пяці залах і ўсебакова раскрывае творчую асобу Кузьмы Чорнага — празаіка, публіцыста, драматурга, памфлетыста.

Канвой мастацкага афармлення залаў сталі малюнкі самога пісьменніка, якія арганічна спалучаюцца з дакументальнай часткай экспазіцыі і дапамагаюць эмацыянальна раскрыць свет перажыванняў аўтара. У залах музея можна ўбачыць асабістыя рэчы Кузьмы Чорнага, фотаздымкі з сямейнага альбома, яго рукапісы і кнігі на розных мовах свету, прачытаць радкі з дзённіка, а таксама пачуць яго голас, зафіксаваны на магнітнай стужцы.

Усіх, хто жадае прыемна і з карысцю правесці час, Літаратурны музей Кузьмы Чорнага запрашае на квэст. Дапытлівыя і цікаўныя змогуць раскрыць для сябе старонкі з жыцця вядомага пісьменніка, бліжэй пазнаёміцца з яго творчасцю 20-30-х гг. ХХ ст. Падчас квэсту вы зможаце ўбачыць кнігу, упершыню падпісаную вядомым псеўданімам аўтара, убачыць першыя , яшчэ «маладнякоўскія» зборнікі К. Чорнага, а таксама ўнікальныя «ўзвышэнскія» фотаздымкі. Цікавай у квэсце будзе разгадка інтрыгі, чаму адна і тая ж кніга пісьменніка падпісана двума аўтарамі: Кузьмой Чорным (1933 г.) і Уладзімерам Дубоўкам (1966 г.)

Вы ведаеце, што такое фланелеграфія? Завітайце ў Літаратурны музей Кузьмы Чорнага — вам раскажуць і пакажуць. Пры музеі працуе тэатр фланелеграфіі «Скарбонка прыгажосці», удзельнікі якога — мясцовыя жыхары. Калі вам пашчасціць трапіць у час, вы станеце гледачом гэтай дзеі.